Мудрамер, в сокращении. Краткое содержание.

Список произведений в сокращении этого автора
Мудрамер

Дзеючыя асобы

Вяршыла Віктар Паўлавіч — міністр узгадненняў.

Міралюбаў Ягор Фёдаравіч — намеснік міністра па зацвярджэннях.

Папсуева Тамара Цімафееўна — намеснік міністра па пярэчаннях.

Мілашкіна Нюра — сакратарка міністра.

Мурашка Мікалай Ягоравіч — вынаходнік.

Залівака Іван Пятровіч — вынаходнік.

Загуменная Кацярына Антонаўна — бабуля-празарлівіца.

Крутая Ніна Іванаўна — дырэктар фабрыкі лёгкага і сярэдняга адзення.

Брунетка

Шатэнка асістэнткі Ніны Іванаўны

Бландынка

Першая тэлефаністка.

Другая тэлефаністка.

Кароткі змест:

Частка першая

Кабінет міністра ўзгадненняў, у ім некалькі дзесяткаў тэлефонаў. Дзве тэлефаністкі ўвесь час здымаюць трубкі і ціха адказваюць. Час ад часу просяць міністра зняць трубку тэлефона-«дублёра» («дублёры» знаходзяцца на стале начальніка).

Вяршыла рознакаляровымі ручкамі падпісвае паперы, якія яму падае Нюра. Перад міністрам дзве папяровыя гары — падпісаныя і непадпісаныя. Сакратарка прапануе начальніку заказаць факсіміле.

Вяршыла. Нельга, Нюра... Факсіміле можа кожны паставіць... А мы ж маем справу з людзьмі... Убачыць чалавек маю рэзалюцыю ў арыгінале «Ад-мо-віць!» і будзе задаволены... Таму што зразумее... Яго паперу чыталі! Над ёй думалі!.. А не проста ўзялі і адмахнуліся...

Тэлефаністка паведамляе, што гарыць універмаг. Пытаюцца, каго раней выклікаць — пажарнікаў ці міліцыю. Удакладніўшы некаторыя акалічнасці, Вяршыла дае адказ: «Выклікайце ў такой паслядоўнасці... Спачатку следчага па асабліва важных справах. Няхай ён прычыну знойдзе. Затым міліцыю, а потым пажарнікаў». Універмаг згарэў, бо следчага на месцы не аказалася.

Вяршыла цікавіцца, колькі наведвальнікаў запісалася сёння на прыём і што за людзі. Нюра першым запрашае вынаходніка Мурашку, той заходзіць у кабінет з чамаданам. Сказаўшы колькі слоў пра сябе, вынаходнік падае міністру паперу пра стан свайго здароўя і на каленях просіць з ёй пазнаёміцца. Вяршыла, разгублены, нават крыху напалоханы, чытае. Пасля гэтага Мурашка гаворыць, што прыдумаў дурамер — апарат па вымярэнню чалавечай дурасці і што без рэзалюцыі міністра ніхто не бярэцца яго ўкараніць.

Мурашка. Хтосьці ўжо тры разы пранікаў у маю кватэру і разбіваў апарат ушчэнт... Тройчы рабілі замах на мае жыццё. Двойчы хацелі ўтапіць, калі я купаўся ў возеры... А яшчэ раз на мяне хацела наехаць чорная «Волга» без нумарных знакаў.

Зусім разгублены Вяршыла просіць даведку пра стан здароўя (Мурашка ўсё яшчэ трымае яе ў руцэ), але тут жа спахопліваецца. Не ведае, што рабіць з вынаходнікам, і просіць паклікаць намеснікаў. Папсуева адразу ж цікавіцца ў Мурашкі, ці мае ён аўтарскія пасведчанні. Даведаўшыся, што ў вынаходніка іх няма, яна пярэчыць, нават не ўнікаючы ў сутнасць справы.

Мурашка знаёміць з дзейнасцю апарата. Адкрывае чамаданчык і дастае розныя прыборы і элегантнае складное крэсла. Міралюбаў зацікавіўся вынаходніцтвам, Папсуева катэгарычна яго не прымае. Вяршыла просіць растлумачыць прызначэнне шкалы, на якой апроч лічбаў (яны паказваюць працэнт дурноты, што ёсць у чалавека) стаяць яшчэ літары «Н», «Д», «ПД», «Т», «Г». Мурашка: «Стрэлка на шкале паказвае ўзровень інтэлекту чалавека. Калі яна стаіць на цэнтры, на літары «Н», значыць, «норма». Гома нармаліс... Літары «Д» і «ПД» абазначаюць «дурань» і «дурань у закончаным выглядзе». Папсуева горача пярэчыць, што «такіх... у нашай» краіне няма і быць не можа», што «гэта ўжо знявага чалавечай асобы».

Пачуўшы пра талент і геніяльнасць (літары «Т» і «Г»), Вяршыла прапануе ў мэтах гуманнасці назваць апарат мудрамерам і вымяраць не чалавечую дурасць, а мудрасць.

Папсуева сумняваецца, што нехта па сваёй ахвоце сядзе ў «падвопытнае крэсла». Яна просіць сакратарку аб'явіць па селектары, што супрацоўнікі могуць зайсці ў кабінет дырэктара і праверыць узровень свайго інтэлекту. Намеснік па пярэчаннях дапытваецца ў Мурашкі, што ён прапануе рабіць з выяўленымі дурнямі, людзьмі, якія не адпавядаюць пасадзе.

Мурашка (нерашуча). Можна адкрыць для іх курсы павышэння кваліфікацыі...

Папсуева. Адкуль узяць сродкі? Пры нашым напружаным бюджэце!.. (Паўза.) Бачыце, таварыш Мурашка, якую праблему вы нам падкідаеце? Цяпер у нас усё ціха, спакойна. Дурняў нібыта і зусім няма...

Папсуева шукае ўсё новыя і новыя хібы вынаходніцтва, і гэта пачынае выводзіць з сябе Міралюбава. У час спрэчкі-абмеркавання міністру пастаянна тэлефануюць, ён павінен вырашаць, ці трэба спаць у школе першакласнікам і дзе ставіць ложкі, што рабіць з прэміяй за эканомію сродкаў, калі палац, на будоўлі якога эканомілі, праз год абваліўся, і г.д. Раззлаваны Вяршыла загадвае адключыць усе тэлефоны.

Частка другая

Вяршыла прапануе Папсуевай першай сесці ў крэсла, паколькі не сумняваецца ў яе здольнасцях і кампетэнцыі. Намеснік па пярэчаннях прыводзіць кучу аргументаў, чаму яна не можа прыняць удзел у эксперыменце, нават скардзіцца на блізарукасць, якая не дазволіць убачыць шкалу. Мурашка тлумачыць, што апарат мае гукавую сігналізацыю. Папсуева адмаўляецца катэгарычна. Міралюбаў не супраць эксперымента над сабой, але баіцца скампраментаваць апарат, бо ад узбуджанасці «полюсы памяняліся... Увесь плюс уніз пайшоў. А ўверх — мінус». Не хоча правяраць свой інтэлект і Нюра, сакратарка. Вяршылу, якому нічога не застаецца, як паказаць асабісты прыклад, спыняе Папсуева.

Папсуева. Толькі праз мой труп!

Вяршыла. Што з вамі, Тамара Цімафееўна? Адкуль такі страх?

Папсуева. Я баюся не за вас!.. За тую высокую інстанцыю, якая... назначыла вас міністрам!.. Ніхто, у тым ліку вы самі, не мае права сумнявацца ў правільнасці рашэння гэтай інстанцыі!..

Вяршыла з палёгкай садзіцца ў сваё міністэрскае крэсла і згаджаецца з Папсуевай, хоць выгляду не падае.

Супрацоўнікі міністэрства зніклі невядома куды, і Папсуева прапануе праверыць апарат на наведвальніках. Нюра запрашае ў кабінет Заліваку. Той, ледзь пераступіўшы парог, аб'яўляе, што міністр мае магчымасць увайсці ў гісторыю сусветнай навукі, калі выдзеліць трыццаць мільёнаў рублёў на завяршэнне навуковай працы. Залівака працуе над вывядзеннем новай пароды курэй-нясушак, якія па сігналу з цэнтра «куд—куд—куды!» будуць несціся некалькі разоў за суткі. Вынаходнік паказвае акт аб эксперыменце, праведзены ў лабараторных умовах на адной нясушцы, пратакол і заключэнне вучонага савета, рэзалюцыю сямі міністраў, пісьмы-рэкамендацыі двух акадэмікаў-пенсіянераў.

Папсуева і нават Міралюбаў згодны задаволіць просьбу Залівакі. Вяршыла бярэ ручку і ў гэты момант гучыць туш — гукавы сігнал, які адпавядае на шкале літарам «ПД». Усе ўздрыгнулі ад нечаканасці. Міністр пасля вялікай паўзы вяртае Заліваку паперу непадпісанай. Адпраўляе вынаходніка за рэзалюцыяй міністра харчавання. Заліваку гэта засмуціла мала — там у яго працуюць цётка і дваюрадны брат, ён абяцае праз гадзіну вярнуцца.

Вяршыла. Звар'яцець можна. У яго ж пятнаццаць рэзалюцый! Сем міністраў! Дактары навук! Акадэмікі!.. I ўсе ж яны думалі. Хоць адным паўшар'ем... I то атрымліваецца многа!

Міралюбаў.А можа, усе яны — яго цёткі і дваюрадныя браты?

Вяршыла (з жахам). А я ж ледзь не падпісаў! Проста гіпноз нейкі!..

Папсуева гаворыць, што трэба было паверыць акадэмікам і падпісаць.

Нюра запрашае дырэктара фабрыкі. Крутая звяртае ўвагу на новае крэсла ў кабінеце міністра. Калі яна садзіцца, гучыць танец маленькіх лебедзяў. Музыка сігналізуе пра нармальны інтэлект дырэктара, і Вяршыла замест трох мільёнаў падпісвае паперу на пяць. Грошы патрэбны Крутой на закупку імпартнага абсталявання.

Дырэктар фабрыкі просіць зацвердзіць таксама новыя мадэлі на летні сезон. Вяршыла ў захапленні ад усіх мадэляў, але адну з іх, надта «смелы купальнік», ён забракаваў (апарат, калі асістэнтка прысела ў крэсла, зайграў паланэз Агінскага, што гаварыла пра адсутнасць інтэлекту). Крутая абазвала міністра «пнём у штанах» і выйшла з кабінета, грукнуўшы дзвярыма.

Нюра нагадвае, што ў прыёмнай чакае бабуля-Пенсіянерка. Кацярына Антонаўна ў кабінеце замест старэнькіх пантопляў надзела тапкі, на жакет прышпіліла ордэн «Маці-гераіня». Ні на дзяцей, ні на дзяржаву ў Загуменнай крыўды і нараканняў няма. Яна хоча купіць сабе дамавіну (труну.- Т.Г.).

Вяршыла. Бабуля! У вас адзінаццаць дзяцей і трыццаць тры ўнукі! Няўжо яны не паклапоцяцца?

Загуменная. Вядома, паклапоцяцца. Але навошта ж ім лішні клопат?.. Не хачу, каб мае дзеці праз мяне яшчэ ў чарзе стаялі. Непакоіліся... Перажывалі...

Апарат Мурашкі (гучыць арыя князя Ігара «О дайце, дайце мне свабоду») характарызуе Загуменную як талент.

Вяршыла падпісвае незвычайную заяву. Бабуля, зноў пераабуўшыся і зняўшы ордэн, выходзіць.

Папсуева. Вар'ятка нейкая! Трэба праверыць, ці не збегла яна з Навінак...

Вяршыла (не вытрымлівае і крычыць). Замаўчыце, Тамара Цімафееўна Замаўчыце!.. Яна разумнейшая за нас з вамі!..

Папсуева. Калі кожная бабуля захоча яшчэ пры жыцці заказаць сабе дамавіну, у чым будзем хаваць сапраўдных нябожчыкаў?

Вяршыла просіць тэлефаністку заказаць нумар і гаворыць са сваёй маці, абяцае прыехаць да яе ўсёй сям'ёй.

Эксперымент паказаў, што апарат працуе бездакорна, і міністр ідзе раіцца ў вышэйшую інстанцыю, як яго запускаць у серыйную вытворчасць.

Святло паступова гасне. Усе спяць на сваіх месцах. Міралюбаў асцярожна садзіцца ў крэсла, гучыць танец маленькіх лебедзяў. Намеснік па зацвярджэннях шчаслівы вяртаецца на месца і засынае ўсміхаючыся. Папсуева, пераканаўшыся, што Міралюбаў і Мурашка спяць, таксама садзіцца ў крэсла. Рэзка, аглушальна гучыць туш. Тамара Цімафееўна ўмомант апынулася на сваім месцы і «заснула». Прахапіліся Мурашка і Міралюбаў. Уваходзіць Вяршыла. Туш прадаўжае грымець — апарат зашкаліла і заклініла.

Мурашка (завіхаючыся каля апарата). Нічога не разумею! Да апарата ніхто не падыходзіў...

Папсуева (зларадна). Ну! Цяпер бачыце?.. Я ж казала, што гэтаму сепаратару нельга верыць! А вы хочаце вырашаць ім чалавечы лес!..

Вяршыла паведамляе, што міністэрства ператварылі ў інстытут мудраметрыі. Аклады супрацоўнікаў на пяцьдзесят працэнтаў вышэйшыя.

Мурашка (разрублена). А як жа я? Што будзе з маім апаратам?

Вяршыла. Вас, Мікалай Ягоравіч, мы бяром у свой інстытут малодшым навуковым супрацоўнікам. Будзеце разам з намі ўдасканальваць апарат. На яго даводку нам далі дзесяць гадоў.

Ніякія аргументы вынаходцы, што апарат дасканалы,не прымаюцца.

У кабінет улятае Залівака. Ад шчасця ён не можа нават гаварыць, толькі паказвае «вікторыю». Мурашка ў роспачы падае ў эксперыментальнае крэсла — урачыста і велічна гучыць музыка Глінкі «Слаўся!» Апарат услаўляе геніяльнасць свайго стваральніка. Вяршыла, Міралюбаў, Папсуева міжволі сталі вакол Мурашкі ганаровай вартай. Стаў і Залівака, паказваючы «вікторыю» пальцамі абедзвюх рук.

Мастацкія асаблівасці

У сатырычнай камедыі «Мудрамер» М.Матукоўскі высмейвае жорсткую цэнтралізацыю і падпарадкаванасць у савецкай дзяржаве, дзе вышэйшай інстанцыяй кантралявалася ўсё. Такі кантроль нараджаў у начальнікаў самых розных рангаў страх перад прыняццем самастойных рашэнняў, бязвольнасць, апатыю, безадказнасць. Тэлефоны ў кабінеце Вяршылы звоняць бесперапынна, а гэта значыць, што дзесяткі і сотні загадчыкаў, дырэктараў, упраўляючых, старшынь чакаюць ад міністра рашэнняў-падказак. Аўтар паказвае, што і тыя адміністратары, якім не патрэбна апека (дырэктар фабрыкі Крутая), не могуць працаваць самастойна.

Крутая. Хто вы такі, што бераце на сябе смеласць выносіць прысуд рэчам, у якіх вы... Якія вы не зусім разумееце?

Вяршыла. Ах, не разумею?.. А чаму ж вы штодня бегаеце да мяне ўзгадняць свае мадэлі?

Крутая . Мяне прымушае рабіць гэта мой міністр!

Вяршыла. Ах, ваш міністр!.. А чаму ён сам не зацвярджае свае трыліснікі? Баіцца?

Вышэйшай інстанцыяй у творы выступае міністэрства ўзгадненняў, якое ўзначальвае Вяршыла. Прозвішча персанажа падкрэслівае адметнасць яго становішча: ён «вяршыць суд», дазваляе штосьці альбо забараняе. Пра непатрэбнасць такой установы асабліва яскрава сведчыць пажар універмага. Рашэнне прымалася пятнаццаць хвілін, міністэрства параіла пажарнікаў выклікаць пасля следчага і міліцыі.

Установа Вяршылы кіруецца тымі ж бязглуздымі законам!, што і сістэма ў цэлым. «Вынаходніцтва» Залівакі (прымусіць курэй несціся па камандзе) прымаецца, а дасканалы апарат Мурашкі будзе дапрацоўвацца дзесяць гадоў. I дапрацоўвацца калектыўна, усім штатам былога міністэрства. Такое рашэнне той інстанцыі, куды хадзіў раіцца Вяршыла. «Бацьку» апарата «ашчаслівілі» пасадай малодшага навуковага супрацоўніка ў новаўтвораным інстытуце мудраметрыі.

Пэўна, мудрамер атэставаў бы Вяршылу як гома нармаліса. Міністр часам прымае разумныя практычныя рашэнні, абураецца, што не могуць на месцы разабрацца. Ён зразумеў мацярынскі клопат старой жанчыны, за дзівакаватым жаданнем купіць сабе дамавіну ўбачыў талент чалавечнасці. Ён пагадзіўся на выпрабаванне апарата нікому невядомага вынаходніка. Аднак быць паслядоўным, ва ўсім прытрымлівацца здаровага сэнсу Вяршыла не можа, бо выхаваны, дзейнічае ў абставінах, якія патрабуюць залежнасці, неасабовасці. I над міністрам узгадненняў ёсць «нехта», чые рашэнні абавязковыя. Пра гэтую высокую інстанцыю нагадвае Папсуева, калі не пускае шэфаў эксперыментальнае крэсла. Туды, пэўна, трапіў міністр будаўніцтва, пайшоўшы на павышэнне, у якога Вяршыла даваў загад забраць прэмію за эканомію сродкаў.

Вобразы Папсуевай і Міралюбава, намеснікаў, з якімі міністр «вырашае сумесна... усе складаныя пытанні», уносяць новыя штрыхі ў характарыстыку савецкіх чыноўнікаў. Пісьменнік паказаў розных па сваёй чалавечай і службовай сутнасці людзей. Папсуева (і ў першага, і ў другога намесніка прозвішчы характарыстычныя), як правіла, пярэчыць станоўчаму вырашэнню пытання. Яна, толькі пачуўшы прозвішча Мурашкі, яшчэ не ведаючы, з чым ён прыйшоў, «не згодна», бо вынаходнік не мае пасведчанняў. Калі ж Тамара Цімафееўна даведваецца пра апарат, то пярэчыць ужо па іншай прычыне: мудрамер пагражае ёй асабіста.

Інтэлектуальны ўзровень Папсуевай сапраўды адпавядае літарам «ПД» -— поўны дурань. Разам з тым яна валодае адным бясспрэчным талентам, талентам дэмагога. Уласную некампетэнтнасць, страх страціць пасаду Папсуева умела прыкрывае абаронай інтарэсаў чалавека, народа, дзяржавы. Часам Тамара Цімафееўна, сама таго не разумеючы, гаворыць пра абсурднасць існуючай сістэмы: «...Ну, выкрылі вы яго, так сказаць, і звонку і знутры. Нават знялі з пасады. Яму ж трэба адразу даваць другую пасаду! За яго гарой прафсаюзы паўстануць. Наша заканадаўства не прадугледжвае пакарання за...адсутнасць некаторай часткі мудрасці... «Там» збыту не будзе. За мяжой дурань... Прабачце!.. «Кліент» доўга не пратрымаецца. Там яго адразу раскусяць. Воўчыя законы! Канкурэнцыя...»

Чыноўніцкі шлях Міралюбава, у параўнанні з Папсуевай, усыпаны не падзякамі, а вымовамі («Сем строгіх з апошнім папярэджаннем! Адзінаццаць строгіх з занясеннем...»). Намеснік пытаецца ў свайго шэфа: «...Віктар Паўлавіч! Я хацеў бы ведаць! Чаму чалавека не садзяць у турму за тое, што ён забараняе? Чаму яго з усіх бакоў абсыпаюць падзякамі за тое, што ён губіць? Думкі! Прапановы! Ідэі! Вынаходніцтвы!». Міралюбаў не забараняе, а дазваляе, ёсць у яго чуласць і спагадлівасць да чалавека. Так, ён імкнецца ў першыя хвіліны знаёмства з Мурашкам змякчыць пракурорскі тон Папсуевай, падтрымаць вынаходніка. Але і Міралюбава гіпнатызуюць званні, тытулы, пасады, ён дае згоду на «ўкараненне» нясушкі Залівакі.

У камедыі «Мудрамер» пераважае сатырычны, выкрывальніцкі смех. Пакладзены ў аснову твора канфлікт сацыяльна значны, пісьменнік выкрывае не недахопы нейкага чыноўніка, які па недагляду вышэйшага начальства апынуўся не на сваім месцы, а недахопы сістэмы. Таму п'еса не заканчваецца перамогай здаровага сэнсу. «Вікторыю» святкуе горавынаходнік Залівака.

I ўсё ж заключная сцэна нясе зарад аптымізму. «Урачыста і велічна, як гімн чалавеку, чалавечай мудрасці, гучыць «Слаўся!» Ганаровай вартай вакол вынаходніка выстройваюцца міністр і яго намеснікі — асобы, ад жадання якіх залежыць лес мудрамера і яго стваральніка. М.Матукоўскі верыць, што чалавечы розум, навуковы пошук нельга заняволіць, заціснуць, «не пусціць».


Писатели, по которым есть произведения в сокращении:

  1. Адам Гурыновіч
  2. Алесь Гарун
  3. Алесь Жук
  4. Аляксей Дудараў
  5. Андрэй Макаёнак
  6. Андрэй Мрый
  7. Андрэй Рымша
  8. Аркадзь Куляшоў
  9. Афанасій Філіповіч
  10. Васіль Быкаў
  11. Васіль Цяпінскі
  12. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч
  13. Вінцэсь Каратынскі
  14. Змітрок Бядуля
  15. Іван Мележ
  16. Іван Шамякін
  17. Кандрат Крапіва
  1. Кастусь Каліноўскі
  2. Каятан Марашэўскі
  3. Кірыла Тураўскі
  4. Кузьма Чорны
  5. Максім Багдановіч
  6. Максім Гарэцкі
  7. Максім Танк
  8. Мікола Гусоўскі
  9. Мікола Матукоўскі
  10. Міхась Зарэцкі
  11. Мялецій Сматрыцкі
  12. Ніл Гілевіч
  13. Паўлюк Багрым
  14. Пімен Панчанка
  15. Пятрусь Броўка
  16. Рыгор Барадулін
  17. Сімяон Полацкі
  1. Сымон Будны
  2. Уладзімір Жылка
  3. Уладзімір Караткевіч
  4. Уладзіслаў Сыракомля
  5. Францішак Багушэвіч
  6. Францыск Скарына
  7. Цётка
  8. Ядвігін Ш.
  9. Якуб Колас
  10. Ян Баршчэўскі
  11. Ян Вісліцкі
  12. Янка Брыль
  13. Янка Купала
  14. Янка Лучына
  15. Яўгенія Янішчыц
  16. Іншыя творы




© 2022 ќксперты сайта vsesdali.com проводЯт работы по составлению материала по предложенной заказчиком теме. ђезультат проделанной работы служит источником для написания ваших итоговых работ.